СЕЙСМІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі на раёны рознай сейсмічнай актыўнасці; ацэнка і карціраванне патэнцыяльнай сейсмічнай небяспекі. Даныя С.р. выкарыстоўваюцца пры сейсмастойкім буд-ве, прагнозе землетрасенняў і вырашэнні інш. задач на сейсмічна небяспечных тэрыторыях. Засн. на базе комплекснага аналізу гіст. звестак пра землетрасенні, сучаснай сейсмічнай актыўнасці, геолага-тэктанічнай будовы тэрыторыі і геафіз. даных. На картах С.р. вылучаюць зоны розных глыбінь узнікнення магчымых ачагоў землетрасення (найб. небяспечныя землетрасенні з ачагамі на глыб. 3—50 км), з макс. магнітудамі землетрасенняў (Mmax ≥ 8,1; 8 > M ≥ 7,1; 7 > M ≥ 6,1), з інтэнсіўнасцю 9, 8, 7, 6, 5 і менш балаў. Маштабы карт ад 1:5 000 000 да 1:100 000. Праводзіцца таксама сейсмічнае мікрараянаванне для гарадоў і асобных пунктаў буд-ва. На Беларусі ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі складзена схема сейсматэктанічнага раянавання, дзе вылучаны зоны магчымых землетрасенняў інтэнсіўнасцю больш за 5 балаў (маштаб 1:1 000 000; аўтары Р.​Г.​Гарэцкі, А.​М.​Бабарыкін, В.​М.​Бурак і інш.).

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)